ПАСЁЛАК ГАРАДСКО́ГА ТЫ́ПУ,

гарадскі населены пункт, які адрозніваецца ад горада пераважна меншай колькасцю жыхароў. Звычайна выконвае прамысл., трансп., адм., курортныя, навук. і інш. функцыі. Вылучаюць: гарадскі пасёлак, курортны пасёлак, рабочы пасёлак. На Беларусі П.г.т. ўтвораны ў 1938 з вял. мястэчак і некаторых сёл. Крытэрыі аднясення нас. пунктаў да пэўнай катэгорыі замацаваны ў Законе «Аб адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзеле і парадку вырашэння пытанняў адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўладкавання Рэспублікі Беларусь» ад 5.5.1998. На Беларусі (2000) 109 П.г.т., у т. л. 92 гарадскія, 16 рабочых, 1 курортны (Нарач).

т. 12, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)